КАРОТКАТЭРМІНО́ВЫ КРЭДЫ́Т,

від крэдыту, які выдаецца на тэрмін да года пераважна на часовае папаўненне абаротных сродкаў прадпрыемства, на заработную плату і інш. мэты. Выдаецца на ўмовах тэрміновасці, зваротнасці, платнасці. Працэнты, выплачаныя за такі крэдыт, могуць адносіцца на сабекошт прадукцыі (выдаткі вытв-сці і рэалізацыі), балансавы або чысты прыбытак. Адным з відаў К.к. з’яўляецца і т.зв. анколь (пазыка да запатрабавання), які пагашаецца па першым патрабаванні і выдаецца, як правіла, пад забеспячэнне каштоўнымі паперамі і таварамі. Сутнасць яго ў тым, што банк адкрывае пазычальніку спец. бягучы рахунак пад заклад таварна-матэрыяльных каштоўнасцей або каштоўных папер. У межах забяспечанасці крэдыту банк аплачвае ўсе рахункі суб’екта гаспадарання. Пагашэнне крэдыту ажыццяўляецца па першым патрабаванні банка за кошт сродкаў, якія паступаюць на рахунак пазычальніка, або шляхам рэалізацыі закладу.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)